АКАРЫФО́РМНЫЯ КЛЯШЧЫ́

(Acariformes),

атрад членістаногіх кл. павукападобных. Больш за 6 тыс. відаў з 200 сямействаў. На Беларусі спецыяльна не вывучаліся; найб. пашыраны акарыформныя кляшчы з 2 падатрадаў: саркаптыформных (акароідныя кляшчы, кароставыя кляшчы, панцырныя кляшчы, пер’евыя кляшчы, валасяныя) і трамбідыформных (галавыя кляшчы, чырванацельцавыя кляшчы, вадзяныя, павуцінныя). Жывуць на глебе, у глебе, вадзе.

Даўж. цела 0,2—0,8 мм. Цела падзелена на галаву і тулава. Ротавы апарат утвораны 2 парамі пярэдніх ног. 4 пары ног, кожная з 5—б членікаў. У развіцці праходзяць фазы лічынкі, німфы (3) і дарослай асобіны. Кладуць яйцы. Сапрафагі і фітафагі. Многія — шкоднікі раслін і с.-г. прадуктаў, паразіты жывёл і чалавека.

т. 1, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)